СВЯТА ДАВЕРУ І НАДЗЕІ

Напярэдадні памятнага дня карэспандэнт “НТ” сустрэўся з Генеральным консулам Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Ігарам Канякіным, каб даведацца, чым жыве дыпламатычная служба суседняй краіны ў абласным цэнтры, у якой меры яе дзейнасць спалучана з сацыяльна-эканамічным і культурным жыццём рэгіёна.

– Ігар Юр’евіч, з якімі пытаннямі звяртаюцца ў консульства асабліва часта?

– Іх кола дастаткова шырокае. Мы рыхтуем дакументы на атрыманне грамадзянства, выдаём візы і загранпашпарты, афармляем акты грамадзянскага стану, аказваем прававую дапамогу, кансультуем… Значна менш зваротаў, якія маюць дачыненне да забеспячэння правоў і інтарэсаў расійскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Бясспрэчна, гэта вынік таго, што ў рамках Саюзнай дзяржавы заканадаўча замацаваны роўныя правы грамадзян абедзвюх краін. У тым ліку ў пытаннях адукацыі, месцажыхарства, працы, вучобы, пенсійнага забеспячэння…

– Беларусь і Расія супрацоўнічаюць у самых розных сферах. Бясспрэчна, адно з галоўных месцаў займаюць гандлёва-эканамічныя адносіны...

– Сапраўды, неад’емнай часткай гандлёва-эканамічнай і сацыяльнай інтэграцыі дзвюх краін з’яўляюцца міжрэгіянальныя сувязі. Брэсцкая вобласць сёння супрацоўнічае з 79-ю суб’ектамі Расійскай Федэрацыі. Дагаворы аб пабрацімстве заключаны больш чым з 70-ю гарадамі і раёнамі. Брэстчына цікавіць замежных партнёраў сваім вытворчым патэнцыялам, здольнасцю ў вялікіх аб’ёмах рэалізоўваць сельскагаспадарчую прадукцыю. Дзякуючы выгаднаму геапалітычнаму становішчу, вялікай колькасці высокакваліфікаванай рабочай сілы, развітай сацыяльнай інфраструктуры, яна мае магчымасць прыцягваць шырокія інвестыцыі.

З мэтай пашырэння міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння ў 2015 го-дзе арганізаваны і праведзены Дні эканомікі Брэсцкай вобласці ў Стаўрапольскім краі і Ленінградскай вобласці. Новыя перспектывы адкрывае рэалізацыя дагавора аб супрацоўніцтве паміж адміністрацыяй Пскоўскай вобласці і Брэсцкім абл-выканкамам. Падпісаны дамовы аб двухбаковым супрацоўніцтве паміж адміністрацыямі гарадоў-курортаў Кіславодска, Пяцігорска і Пружанскім райвыканкамам, а таксама Брэстам і Іжэўскам. Вя-дзецца актыўнае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і культурнай сферах з Калінінградскай вобласцю. Вынікам дасягнутых дамоўленасцей па ўзаемадзеянні ў будаўнічай сферы стала адкрыццё ў Калінінградзе філіяла прадпрыемства “Брэстжылбуд”. Праведзены кірмашы па продажы прадукцыі брэсцкіх вытворцаў у Самары, Пензе, Разані, Навакуйбышаўску, Петразаводску, Іжэўску, Сочы, Новасібірску і Санкт-Пецярбургу.

Выдатнай пляцоўкай для нала-джвання эканамічных кантактаў і абмену вопытам стаў форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. З мэтай развіцця партнёрскіх сувязей дэлегацыя Брэсцкай вобласці прыняла актыўны ўдзел у 2-ім такім форуме, які прайшоў летась у верасні. Брэстчыну прадставілі такія флагманы вытворчасці, як “Савушкін прадукт”, “Санта Брэмар”, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Пінскае вытворча-гандлёвае аб’яднанне “Палессе” і Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне. У перыяд падрыхтоўкі і правядзення форуму з расійскімі партнёрамі заключаны кантракты на суму каля 30 мільёнаў долараў.

– А якія асноўныя напрамкі дзейнасці Генеральнага консульства ў гуманітарнай сферы?

– У полі зроку консульства і Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”, у якім выступаюць расійскія тэатры, і “Студзеньскія музычныя вечары” з удзелам салістаў Вялікага тэатра. Але безумоўным прыярытэтам нашай дзейнасці з’яўляецца ўмацаванне духоўных і культурных сувязей, што звязваюць аб’яднанні суайчыннікаў з Радзімай.

Хачу заўважыць, што многія свае праекты мы рэалізуем сумесна з Брэсцкім аддзяленнем “Рускага таварыства”. Так, летась разам правялі шэраг знакавых мерапрыемстваў, прысвечаных 70-й гадавіне Вялікай Перамогі. У верасні годна адзначылі 100-гадовы юбілей пісьменніка Сяргея Смірнова, аўтара бессмяротнай кнігі “Брэсцкая крэпасць”. Заўважнымі падзеямі мінулага года таксама сталі V Міжнародны Пушкінскі фестываль “Сябры, цудоўны наш саюз…”, праведзены ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, прэзентацыя фотавыстаўкі “Руская праваслаўная царква ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, наладжаная ў музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя ў Кобрыне, прысвечаная 285-годдзю А.В. Суворава.

А літаральна ўчора для карыстальнікаў абласной бібліятэкі імя М. Горкага адкрыты віртуальны доступ да інфармацыйных рэсурсаў Прэзідэнцкай бібліятэкі імя Б.М. Ельцына ў Санкт-Пецярбургу. Брэсцкія чытачы першымі ў Беларусі маюць такую магчымасць.

– Вы нядаўна сталі жыхаром Брэста. А ці з’явіліся ў горадзе і вобласці месцы, куды хочацца вяртацца?

– Па-першае, гэта Брэсцкая крэпасць – месца, дзе можна душой дакрануцца да подзвігу. Дарэчы, яе наведваюць усе, без выключэння, афіцыйныя расійскія дэлегацыі.

Люблю таксама няспешна прайсці па Савецкай. А яшчэ вельмі падабаецца гуляць у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. Там адчуваецца нейкая асаблівая аўра. Можа, таму што заўсёды насустрач ідуць маладыя мамы дзецьмі ў калясках. Падабаецца Кобрын, гарадскі парк і ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава. Дарэчы, пры нашым садзейнічанні завершаны яго рамонт, і ўжо ў пятніцу, 1 красавіка, гэты гасцінны дом ізноў адчыніць свае дзверы для наведвальнікаў. За тыя 10 месяцаў, што я ў Брэсце, паспеў палюбіць Белавежскую пушчу. Як толькі з’яўляецца магчымасць – абавязкова еду туды. І кіламетраў 10, а то і больш, праходжу пешшу.

– Ігар Юр’евіч, на якія думкі наводзіць Вас Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі?

– Гэтае свята – прыклад паважлівых адносін да гістарычнай праўды. Народы нашых краін шануюць шматвяковыя традыцыі добрасуседства і сяброўства, узаемнай падтрымкі і супрацоўніцтва. Дзень яднання, які ўсе разам мы будзем адзначаць заўтра, самой сваёй сутнасцю абапіраецца на памяць і вопыт былых пакаленняў беларусаў і расіян. І ў той жа час ён скіраваны ў будучае, бо сімвалізуе надзею на тое, што нашы народы-суседзі ніколі не разарвуць даўніх братэрскіх сувязей, захаваюць адзіныя культурныя і духоўныя каштоўнасці, давер і згоду. Сёння з усёй упэўненасцю можна казаць: Саюз адбыўся. Інтэграцыя Расіі і Беларусі – гэта рэальнасць, якая з кожным годам паглыбляецца.

Гутарыў Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.